СЦІСКА́ННЕ ДА́НЫХ,
пераўтварэнне даных у больш кампактную форму без страты карыснай інфармацыі. Праводзіцца з мэтай змяншэння лішкавасці, эканоміі памяці, а таксама павышэння эфектыўнасці выкарыстання сродкаў перадачы і захоўвання інфармацыі.
Існуюць метады кадзіравання інфармацыі для змяншэння лішкавасці даных, іх ушчыльнення і дасягнення найб. магчымай ступені С.д. пры абмежаваным аб’ёме памяці і прымальнай хуткасці перадачы, напр., у Інтэрнеце. Аналагічныя метады выкарыстоўваюцца пры рэгістрацыі інфармацыі, стварэнні архіваў на розных носьбітах інфармацыі, рэзервовых копій важных даных і інш. Найб. разнастайныя метады выкарыстоўваюцца пры перадачы і захоўванні відарысаў (графічнай інфармацыі, здымкаў, схем і інш.). У статычным рэжыме С.д. выконваецца з дапамогай праграм-архіватараў. Можа быць С.д. са стратамі — частка неістотнай інфармацыі адкідваецца для забеспячэння найб. ступені сціскання. Пры С.д. з дапамогай праграм-архіватараў група алфавітных, лічбавых ці інш. сімвалаў замяняецца на інш. групу сімвалаў з захаваннем сэнсу зыходных даных, напр., аб’ём літарнага тэксту змяншаецца ў 2—5 разоў. Існуюць таксама розныя тыпы дынамічнага С.д. (у рэальным часе), якое забяспечвае аператыўны доступ да даных. Напр., для растравых відарысаў эфектыўнае фрактальнае (гл. Фрактал) С.д., якое патрабуе для захавання відарысаў прыкладна ў 4 разы меншы аб’ём памяці ў параўнанні з захаваннем яго ў выглядзе пікселаў.
Літ.:
Борзенко А. Методы сжатия данных // Компьютер Пресс. 1995. №8.
С.У.Абламейка, М.П.Савік.
т. 15, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)